Памятнае мерапрыемства “Забыць такое немагчыма…”

21.03.2024

Памятнае мерапрыемства “Забыць такое немагчыма…”, прысвечанае 80-годдзю трагедыі ў в. Парадоўшчына і Дню памяці ахвяр спаленых вёсак, прайшло 21 сакавіка ля помніка, усталяванага вяскоўцамі ў 1955 годзе на ўскрайку леса, там, дзе калісьці была вялікая вёска Парадоўшчына. 24 снежня 1943 года яе напаткаў лёс Хатыні. Падчас карнай аперацыі гітлераўцы забілі і спалілі тут 35 чалавек. Ушанаваць памяць загінуўшых мірных жыхароў сабраліся старшыня Гарадоцкага сельскага выканаўчага савета М.К. Верацейка, вучні, настаўнікі і кіраўніцтва Гарадоцкай базавай школы. 

 

Дырэктар Гарадоцкай базавай школы Святлана Міхайлаўна Калачык у сваім выступленні звярнулася да маладога пакалення, заклікаючы ўсіх не забываць гісторыю, яе трагічныя старонкі.

 

Настаўніца гісторыі Таццяна Іванаўна Шумель падчас мітынгу-рэквіема распавяла гісторыю трагедыі і асабістую гісторыю жыхара Парадоўшчыны Сцяпана Вікенцьевіча Садоўскага, якому было 15 гадоў, калі яго землякоў расстралялі і спалілі.

 

Храналогія апошняга дня жыхароў спаленай вёскі Парадоўшчына ўзрушыла ўсіх прысутных. Хвіліна маўчання, кветкі і знічы сталі сімваламі памяці і смутку.

 

Няхай гэты мітынг-рэквіем будзе данінай павагі і ўдзячнасці ўсім героям вайны, усім тым, хто трагічна загінуў. Будзем прадаўжальнікамі іх слаўных спраў, захаваем памяць пра іх подзвіг дзеля жыцця на зямлі!